Легалізацыя / Апастыль
ЛЕГАЛІЗАЦЫЯ
На падставе пункта 14 Консульскага статута Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 1996 г. № 82, Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян» і Інструкцыі аб арганізацыі работы па ажыццяўленню консульскай легалізацыі афіцыйных дакументаў у Рэспубліцы Беларусь і за межамі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь ад 16 жніўня 2010 г. № 16 «Аб арганізацыі работы па ажыццяўленню консульскай легалізацыі афіцыйных дакументаў у Рэспубліцы Беларусь і за межамі Рэспублікі Беларусь» дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюць консульскую легалізацыю афіцыйных дакументаў, складзеных на тэрыторыі замежных дзяржаў і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (далей — дакументы).
Не патрабуецца консульская легалізацыя дакументаў, якія будуць выкарыстоўвацца на тэрыторыі дзяржаў, з якімі Рэспубліка Беларусь заключыла адпаведныя міжнародныя дагаворы.
Так, на дакументах, прызначаных для выкарыстання на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Гаагскай канвенцыі, якая адмяняе патрабаванне легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў, ад 5 кастрычніка 1961 года, замест легалізацыі прастаўляецца апастыль (парадак аказання дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і консульскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь садзейнічання ў прастаўленні апастыля гл. у раздзеле «Апастыль»).
Афіцыйныя дакументы, складзеныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь якія прад'яўляюцца для легалізацыі, павінны быць аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі частак 3 – 5 «Інструкцыі па справаводству ў дзяржаўных органах і арганізацыях Рэспублікі Беларусь», зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 2009 г. № 4, калі iншае не прадугледжана нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь.
Прад'яўляны для легалізацыі афіцыйны дакумент, складзены на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, які складаецца з двух і больш лістоў, павінен быць прашыты, яго лісты пранумараваны, калі іншае не прадугледжана нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь. Колькасць прашытых лістоў завяраецца подпісам службовай асобы і адбіткам пячаткі дзяржаўнай установы або арганізацыі, якія выдалі дакумент.
Афіцыйныя дакументы, якія прад'яўляюцца для легалізацыі, павінны быць напісаны яснай і выразнай мовай. Падчысткі, прыпіскі, закрэсленыя словы, неабмоўленныя выпраўленні ў тэксце афіцыйнага дакумента не дапускаюцца. Подпісы службовых асоб павінны быць выразнымі, адбіткі афіцыйных пячатак павінны быць добра чытальнымі.
Легалізацыя ажыццяўляецца пры ўмове супадзення подпісаў службовых асоб, якія падпісалі альбо легалізавалі афіцыйны дакумент, і адбіткаў пячатак і штампаў, якімі змацаваны дакумент альбо легалізыцыйны надпіс, з ўзорамі подпісаў і адбіткаў пячатак і штампаў, маючыміся ў дыпламатычнага прадстаўнiцтва або консульскай установы Рэспублiкi Беларусь.
Легалізацыя дакумента ажыццяўляецца дыпламатычным прадстаўнiцтвам і консульскай установай Рэспублiкi Беларусь на працягу 1 дня з дня прад'яўлення дакумента, а пры неабходнасці правядзення спецыяльнай праверкі, запыту дакументаў і (або) звестак — у дзень атрымання неабходнай інфармацыі.
Тэрмін дзеяння легалізацыі — на тэрмін дзеяння дакумента, легалізацыя якога ажыццяўляецца.
Стаўка консульскага збору за легалізацыю дакумента складае 35 еўра.
САДЗЕЙНІЧАННЕ ЗАМЕЖНАЙ УСТАНОВЫ У ПРАСТАЎЛЕННІ АПАСТЫЛЮ
На падставе артыкулаў 2 і 3 Гаагскай канвенцыі, якая адмяняе патрабаванне легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў, ад 5 кастрычніка 1961 гады, дакументы, якія выдаюцца дзяржаўнымі ўстановамі адной з краін-удзельніц Канвенцыі, з'яўляюцца сапраўднымі ў іншай краіне-удзельніцы без консульскай легалізацыі пры ўмове прастаўлення на іх апастыль.
Апастыль сведчыць сапраўднасць подпісы, якасць, у якім выступала асоба, якая падпісала дакумент, і, у належным выпадку, сапраўднасць пячаткі або штампа, якімі змацаваны гэты дакумент.
Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць аформіць апастыль праз дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы Рэспублікі Беларусь.
Гэта магчыма, калі дакумент, выдадзены ў Рэспубліцы Беларусь, знаходзіцца ў заяўніка за мяжой, а яго вяртанне ў Рэспубліку Беларусь выклікае складанасці.
У гэтым выпадку заяўнік звяртаецца ў дыпламатычнае прадстаўнiцтва або консульскую ўстанову Рэспублiкi Беларусь з арыгіналам дакумента, на якім варта праставіць апастыль, і выплачвае консульскі збор.
Пасля гэтага арыгінал дакумента па каналах дыпламатычнай пошты накіроўваецца ў галоўнае консульскае ўпраўленне Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе на яго прастаўляецца апастыль. Дакумент з апастылем па каналах дыпламатычнай пошты накіроўваецца ў адпаведнае дыпламатычнае прадстаўнiцтва або консульскую ўстанову, дзе яго можа атрымаць заяўнік.
Тэрмін прастаўлення апастылю ў Рэспубліцы Беларусь складае 1 дзень з дня прад'яўлення дакумента, а пры неабходнасці правядзення спецыяльнай праверкі, запыту дакументаў і (або) звестак ад іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый — 15 дзён.
У той жа час з улікам неабходнасці перасылкі дакументаў у Рэспубліку Беларусь і назад агульны тэрмін для атрымання заяўнікам дакумента з прастаўленым на ім апастылем складае каля 2 — 3 месяцаў.
Тэрмін дзеяння апастылю — на тэрмін дзеяння дакумента, на якім прастаўляецца апастыль.